ДО́БРУШСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1870 кн. Ф.І.Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас. імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары нар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).

А.А.Саламонаў.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)